Творчы шлях

…З чаго пачынаецца паэт? Як у звычайным хлапчуку зараджаецца мастак? Янка Брыль адзначыў два этапы гэтага працэсу: «Спачатку — захапленне прыгажосцю жыцця, затым — радаснае і адначасова пакутлівае жаданне выказаць свае пачуцці, перадаць сваё іншым. Напэўна, не абмінуў гэтай схемы і Н. Гілевіч». На пытанне карэспандэнта, зададзенае ўжо сталаму майстру: «Калі б з’явілася магчымасць вярнуцца на момант у дзяцінства, якое б месца выбралі: сад, хату, вуліцу або лес?». Ніл Сымонавіч з упэўненасцю адказаў: «Не сад, не хату, не вуліцу, не лес, а — поле! Навакольнае поле — з пагоркамі і лагчынамі, з гаямі і сасоннікамі, з кустоўем на касагорах, з крушнямі камення на ўзмежках, з жоўтымі нівамі жыта і бялёсымі гонамі аўса, з блакітнымі разлівамі лёну, з белымі азярынамі грэчкі, з укрытымі ружовым і бэзавым цветам, прасцягамі бульбы... Перад заходам сонца я стаяў, як заварожаны, на гумне і слухаў шырокі тужлівы спеў, што далятаў у вёску з поля, з-пад Краснай Горкі. Гэта, канчаючы цяжкі прыпарны дзень, спявалі жнеі, нашы слабодскія жанчыны. Спявалі старажытныя жніўныя песні. Незабыўныя і непаўторныя хвіліны! О, каб можна было туды — у той адвячорак, у тое сугалоссе цішыні і напеву вярнуцца хоць на імгненне! Як гэта кажуць — дорага заплаціў бы. Ну, але дзякаваць Богу і за тое, што яны былі, тыя хвіліны. Можа, і ў астатні свой дзень прыгадаю менавіта іх, і ўбачу тое жніво на полі, пад Краснай Горкай, і пачую тыя несмяротныя песні». Сам Н. Гілевіч быў перакананы: «Усё самае галоўнае, самае істотнае і важнае, што ёсць у кожным дарослым чалавеку, — усё адтуль, з гадоў дзяцінства. Там — незабыўныя радасці адкрыцця і пазнання свету, першаснага яднання душы і сэрца з ім, першых сустрэч з векавечнымі і заўсёды новымі цудамі прыроды, першага, яшчэ не ўсвядомленага ўспрымання ласкі, дабрыні і спагады, даверлівасці і ўдзячнасці».

Пасля абароны дысертацыі Н. Гілевіч працяглы час працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. З захапленнем і майстэрствам выкладаў курс вуснай народнай творчасці, які па волі лёсу быў даручаны маладому выкладчыку. Вобразна-эстэтычны змест і філасофская глыбіня фальклору аказалі вялізнае ўражанне на Н. Гілевіча, які з цягам часу адзначыць, што «гэта быў шчаслівы выбар лёсу, ці, скажу іначай, — жыццядайны падарунак Усявышняга, Яго неацэнная ўзнагарода авансам, у прадбачанні (на тое і Бог!), што гэты аванс я пастараюся, колькі хопіць сілы, адрабіць».

У 1957 годзе выйшаў першы зборнік вершаў Н. Гілевіча — «Песня ў дарогу». Крытыкі ахарактарызавалі гэту кнігу як паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў, пераважна вясковых хлопцаў і дзяўчат.

Неўзабаве ў светапоглядзе Н. Гілевіча адбыліся змены. Два новыя зборнікі вершаў паэта — «Прадвесне ідзе па зямлі» і «Неспакой» — завяршылі мажорна-аптымістычны этап яго творчасці. У іх ужо акрэсліліся матывы, якія стануць асноўнымі ў творчасці пісьменніка: вернасць маці і роднай матчынай мове, любоў да малой радзімы, адданасць маці-Беларусі, беларускай народнай песні, што сімвалізавала душу нацыі, яе самабытную культуру. Ужо на першым этапе сваёй творчасці Н. Гілевіч змог выразна акрэсліць аўтарскую пазіцыю.

Адразу ж пасля першых трох лірычных зборнікаў Н. Гілевіча выйшлі ў свет кніжкі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963). І пазней кнігі вершаў чаргаваліся са зборнікамі гратэскава-камічных твораў. У 1972 годзе Н. Гілевіч задумаў стварыць раман у вершах. Гэта было рэалізавана праз 12 гадоў, у выніку чаго з’явіліся «Родныя дзеці».

Дакладна акрэсліў вызначальныя якасці лірыкі пісьменніка крытык В. Каваленка, які адзначыў, што «як ні пра каго іншага з беларускіх паэтаў, пра Н. Гілевіча можна сказаць, што яго паэзія  паэзія на кожны дзень, у якой філасофія так блізка змыкаецца з мараллю, урэшце, з парадай, а таму становіцца нейкай дамашняй, па-асабліваму цёплай і чалавечнай».

Клопатам пра тое, каб беларускае слова годна гучала ў свеце, абумоўлена педагагічная, навуковая, пісьменніцкая дзейнасць Н. Гілевіча ў 1970—1980-я гады. Ніл Сымонавіч быў перакананы, што паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказвання сябе і сваіх адносін да навакольнага свету. У публіцыстычных артыкулах гэтага часу пісьменнік раскрываў значэнне фальклору для паўнавартаснага развіцця нацыянальнай літаратуры, выступаў у абарону неацэнных скарбаў вуснай паэзіі. У ёй пісьменнік бачыў сродак ад пустаслоўя, якім грашыла пэўная частка тагачаснай літаратуры. З’явіліся манаграфіі «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), у якіх асэнсоўваўся моватворчы вопыт народа.

Дзейсным сродкам развіцця нацыянальнай літаратуры Н. Гілевіч лічыў мастацкія пераклады. У часы, калі ў некаторых школах выкладанне беларускай літаратуры вялося па-руску, ён адстойваў права землякоў чыт  аць лепшыя творы сусветнай літаратуры на роднай мове. Без мастацкага перакладу, лічыў паэт, нельга засвоіць творчыя дасягненні лепшых пісьменнікаў свету, выпрацоўваць і развіваць разнастайныя літаратурныя стылі. У 1970—1980-я гады Н. Гілевіч шмат перакладаў. Гэта давала яму магчымасць адкрыта гаварыць пра актуальныя праблемы Бацькаўшчыны.

Перакладчыцкі талент Н. Гілевіча ацэнены вельмі высока: паэт узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені і  ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. У 1980 годзе быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы. А ў 1986 годзе ён стаў  лаўрэатам самай высокай у Балгарыі Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева.

 

Асаблівае месца ў жыцці паэта займала выкладчыцкая дзейнасць. У 1960-1980 гадах ён з`яўляўся выкладчыкам фальклору і прафесарам кафедры беларускай літаратуры БДУ. Яго лекцыямі захапляліся, іх помняць сотні выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры ва ўсіх кутках Беларусі.

З 1980 па 1989 год Н. Гілевіч з’яўляўся першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1990 годзе ён быў абраны народным дэпутатам Беларусі, у тым жа годзе стаў старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. У 1991 годзе Н. Гілевічу прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.

Як слушна адзначыла Т. Нуждзіна, «быць у цэнтры вялікай палітыкі творчаму чалавеку няпроста, а паэту купалаўскай школы служэння нацыянальнай ідэі — архіскладана: абвастраюцца паэтычны зрок і слых, узнікае іншы ўзровень мастацкага мыслення, мяняецца стылістычная фактура пісьма». Творчасць Н. Гілевіча гэтага перыяду вызначаецца палемічнасцю і публіцыстычнасцю. Гэтым і абумоўлена разнастайнасць форм лірыкі паэта 1990-х гадоў: верш-зварот, пасланне, малітва, споведзь, балада, прыпавесць, сказ, кліч, санет і інш.

У 2003 годзе з-пад пяра майстра слова выходзіць лірычны раман «…І плямы на табе няма», прысвечаны жонцы, якая была вернай спадарожніцай жыцця паэта, самым аўтарытэтным дарадцам і крытыкам яго твораў. Памяці жонкі прысвечаны лірычныя творы, напоўненыя болем, запозненым разуменнем незваротнасці страты:  

І зноў сыходзіць ноч. І зноў світае.

І зноў душу мне працінае боль.

Як позна зразумеў ты, што Святая,

Святая несла крыж пакут з табой!

Вельмі балючай стала для паэта страта жонкі Ніны Іванаўны, з якой яны былі і калегамі, і аднадумцамі, і вернымі спадарожнікамі жыцця са студэнцкіх гадоў. З гэтага часу адчувальна пачало пагаршацца і яго здароўе, але Ніл Сымонавіч працягваў працаваць. Ён вырашыў прывесці ў парадак назапашаныя матэрыялы, якія захоўваліся ў выглядзе нататкаў, дзённікаў, чарнавікоў, і выдаць поўны збор сваіх твораў. У гэты час стаў рэзка пагаршацца зрок. На дапамогу прыйшла дачка сястры Ліны – Тамара Дубко (Маслава), былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Гайненскай школы. Яна стала вачамі паэта і яго сакратаром.

У размове з журналістам на пытанне аб тым, які грэх нельга дараваць нават сябру, паэт адказваў, што цяжэй за ўсё дараваць здраду: «Калі ты ў яго верыў, а здарылася цяжкая крутая хвіліна ў тваім жыцці — ты замест падтрымкі атрымліваеш, як кажуць, нож у спіну». Жыццястойкасць народнага паэта выяўляецца ў здольнасці надзвычай інтэнсіўна тварыць, нягледзячы на расчараванні і страты, аб чым сведчыць з’яўленне новых паэтычных зборнікаў: «Паланэз Агінскага» (2002), «На флейце самоты» (2004), «Сказ пра залатое пёрка» (2005), «У ноч на Пакровы» (2008), «Замова ад страху» (2009), «Дзверы ў гісторыю» (2010), «Пацеркі Божай Маці» (2011), «З Божай ласкі — дасеўкі» (2014) і інш. 

З таго часу, калі 12-гадовы падлетак з Лагойшчыны надрукаваў першы верш, і да самых апошніх публікацый на старонках перыядычных выданняў Н. Гілевіч старанна і плённа працаваў. Ён падрыхтаваў і выдаў на ўласныя сродкі 23-томны збор сваіх твораў, здзівіў чытачоў не толькі каласальным аб’ёмам работы, якую выканаў адзін чалавек, але і яго перакананасцю, што «праўда эпохі, пададзеная выспеленым народным словам, павінна працаваць як на сённяшнюю рэальнасць, так і на беларускае заўтра».

Усяго ж Ніл Сымонавіч з`яўляецца аўтарам больш як 80 кніг паэзіі, фалькларыстыкі, літаратуразнаўства, а таксама кніг – перакладаў на беларускую мову твораў замежных аўтараў. Пералік яго твораў можа заняць не адну старонку. Творчасць паэта была добра знаёма і замежным чытачам. Яго творы перакладаліся на англійскую, французскую, польскую, рускую, балгарскую, славенскую, украінскую і многія іншыя мовы. Сам жа паэт пераклаў на беларускую мову творы больш як 250 аўтараў, у асноўным балгарскіх, сербскіх, а таксама украінскіх, рускіх, польскіх паэтаў. На вершы Ніла Гілевіча напісалі музыку кампазітары М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок, М. Пятрэнка, Дз. Смольскі, Э. Ханок, Я. Цікоцкі, М. Чуркін і іншыя. Усім беларусам і многім людзям за межамі нашай краіны вядома песня на яго словы «Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы», якая асабліва дарагая яго землякам, якія добра ведаюць і пагоркі, і бярозы, аб якіх пісаў паэт.

Доўгі час заставаўся ананімным яго «Сказ пра Лысую гару», які з`яўляецца несумненным узорам гумарыстычнага сучаснага твора. Наогул, паэт валодаў вялікім пачуццём гумару, вельмі дасціпнага і тонкага. Гэта праглядаецца і ў яго гумарыстычных вершах, а таксама ў паэме «Родныя дзеці», у якой паэт выкарыстаў вобразы сваіх аднасяльчан, праз іх мову, характары ўважлівы чытач можа пазнаць знаёмых яму слабодцаў.

Усё сваё жыццё пісьменнік, вучоны, педагог прысвяціў служэнню беларускасці. Сучаснікі называюць яго апосталам нацыі. Памёр Ніл Сымонавіч 29 сакавіка 2016 года.

Праводзіць у апошні шлях Народнага паэта Беларусі у царкву святых Пятра і Паўла прыйшло мноства людзей: пісьменнікі, дзеячы мастацтва і культуры, выкладчыкі і студэнты БДУ, былыя вучні паэта, сотні людзей, якія захапляліся творчасцю і асобай паэта. Пахаваны Ніл Сымонавіч у Мінску, на Кальварыйскіх могілках. Па запавету паэта на магіле намаганнямі сына Сяргея ўстаноўлены помнік – камень-валун, прывезены з роднай Лагойшчыны, з-пад Краснага Бору. На ім, па жаданні паэта – яго прозвішча, даты яго жыцця і знаёмы мноству людзей характэрны подпіс, якім ён пры жыцці падпісваў залікоўкі студэнтам, кнігі і аўтографы сябрам, прыхільнікам сваёй творчасці, дакументы дзяржаўнай важнасці.

Подпишитесь на наши новости