Словы пра Ніла Гілевіча
Радзім Гарэцкі
Родная мова для Ніла Гілевіча стала галоўнай тэмай не толькі яго літаратурнай працы, але і ўсяго яго жыцця, бо родная мова – стрыжань беларушчыны.
Уся паэзія Ніла Гілевіча – гімн беларускай мове.
Анатоль Вярцінскі
Ніл Гілевіч і беларуская песня. У самым раннім дзяцінстве ён запамінаў і сам спяваў народныя песні. Прызнаецца, што “ўмеў спяваць раней, чым навучыўся гаварыць”. Потым запісваў песні. Свій першы зборнік так і назваў: “Песня ў дарогу”.
Міхась Скобла
… ягоная паэзія шырокай ракой плыве ў маю душу, цярэбячы і скаланаючы яе, не патрабуючы нейкіх дадатковых ландшафтных ці іншых радзімазнаўчых падказак…
Міхась Казлоўскі
Колькі ні імкнуўся згадаць, калі ў маё жыццё ўвайшлі кнігі Ніла Сымонвіча Гілевіча, усё неяк не атрымоўваецца. А іншы раз здаецца, што былі яны са мной ад нараджэння.
Лідзія Савіч
Паэзія, проза Ніла Гілевіча напісаны дасканалай, жывой мовай, і яна ліецца як чыстая, гаючая крынічка, захапляе нас сваёй мілагучнасцю, традыцыйна беларускай высокаэтычнай стыхіяй.
Тамара Нуждзіна
Без сур“ёзнага вывучэння такіх работ Н. Гілевіча, як «Паэтыка беларускай народнай лірыкі», «Паэтка беларускіх загадак» і інш. наўрад ці магчыма спасцігнуць маштабнасць, мастацкую прастату і дасканаласць вобразнай карціны свету ў лірычных творах паэта, а разам убачыць працяг народнай традыцыі вобразатворчасці.
В. К. Шынкарэнка
Глыбіня і ўсёабдымнасць пачуцця любові ў паэзіі Ніла Гілевіча рэалізуецца ў роўнай ступені праз бязмежную адданасць маці і іншым блізкім людзям, землякам, народу, наогул чалавецтву.
Галіна Ішчанка
Раман Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» нагадвае чытачу пра вострую неабходнасць адмаўлення ад прагматычнай свядомасці, заклікае вярнуцца да першаасноў чалавечага жыцця: спагады, вернасці, любові.
Тамара Аўсяннікава
Ніл Сымонавіч і ў жыцці, і ў творчасці жыве сэрцам, таму і сэрца чытача яму адгукаецца.
Для народнага паэта Беларусі, няўтольнага рупліўца на ніве адрадження беларушчыны «самае набалелае» - гэта становішча, у якім апынулася беларуская мова.
Алесь Лозка
Сотні выпускнікоў вядучага флагмана навукі і культуры з асаблівай цеплынёй успамінаюць урокі любові да роднай мовы, літаратуры, вуснай народнай творчасці, Беларусі, Гілевічавы ўрокі, якія даюць няскончаную моц у змаганні за роднае і адвечнае.
Асноўнае публіцыстычнае крэда Гілевіча-грамадзяніна, яго вызначальныя словы-сімвалы: Беларусь, Незалежнасць, Мова.
Аляксандр Тамковіч
У 1991 годзе Нілу Сымонавічу Гілевічу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. У гісторыі нашай краіны такіх людзей толькі восем. Акрамя Гілевіча — Янка Купала, Якуб Колас, Яркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін. Пагадзіцеся, вельмі пачэсная кампанія.
Алена Манкевіч
У паэзіі Ніла Гілевіча адказ на пытанне, што нам трэба зрабіць, каб быць вартымі нашай святой зямлі, нашай роднай сінявокай Беларусі:
Сама гісторыя вучыла:
Шануй, народзе, і цані —
Усё, што поіць-жывіць шчыра
Тваёй свабоды карані.
Шануй душу сваю, народзе,
І ўласнай памяці не траць,
Каб у нязведанай дарозе
Ахвярай хуткасці не стаць.
Ірына Бароўская
Песні Ніла Гілевіча — душэўныя і пранікнёныя.
Раіса Баравікова
Я па-добраму пазайздросціла Алесю Разанаву, што ён можа вось так блізка, не змушана, ледзь не па-сяброўску ісці побач з самім Нілам Гілевічам — вельмі вядомым, славутым, надзвычай аўтарытэтным Паэтам, знакамітым прафесарам, любімым выкадчыкам многіх і многіх маладых філолагаў.
Святлана Калінкіна
Сапраўдны класік і апошні Народны паэт нашай краіны.
Анатоль Зэкаў
Хоць і кажуць: няма незаменных, —
толькі вось ці заменіць хто іх, —
тых, хто нас узнімаў звек з каленяў,
словам родным чаруючы слых.