Летапіс дзяцінства

31 10 23 48

Мой верш вызначаўся б настроем узнёслым 

І нават святочна-парадным, магчыма, 

Калі б не намёртва быў звязаны лёсам 

З паэзіяй Янкі, Якуба, Максіма…

Н. Гілевіч

31 10 23 49

Ніл Гілевіч — вядомы беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст, апошні народны паэт Беларусі, якому на дадзены момант афіцыйна было прысвоена гэта ганаровае званне. На думку В. Рагойшы, «нават у тым выпадку, калі б Н. Гілевіч быў вядомы сёння толькі як паэт альбо перакладчык, публіцыст, даследчык, урэшце, як грамадскі дзеяч, каб выявіўся толькі ў адным кірунку сваёй шматвектарнай творчасці, то і тады заслужыў бы ўдзячнасць сучаснікаў і нашчадкаў».

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. «Мая малая радзіма, — сцвярджаў пісьменнік, — гэта заходне-паўночны куток Лагойшчыны, самы, бадай, прыгожы на тэрыторыі ўсяго Лагойскага раёна. Самы «гарысты», з рэзкімі перападамі паверхні, парэзанай равамі і лагчынамі, атулены лясамі і пералескамі. У краязнаўчай кніжачцы «Лагойскі раён», выдадзенай у 1928 годзе, напісана, што гэта «наша беларуская Швейцарыя».

31 10 23

Бацька будучага пісьменніка, Сымон Пятровіч, вельмі рана асірацеў, падлеткам пакаштаваў парабкоўскага хлеба, таму са шчырасцю і самаадданасцю ўключыўся ў разбурэнне старога ладу жыцця і пабудову новага, працаваў старшынёй сельсавета, сакратаром РВК. Заняты службовымі клопатамі, бацька бываў дома рэдка. Турботамі пра выхаванне трох дачок і пяці сыноў жыла маці — Кацярына Мікалаеўна. Думаецца, што менавіта яна перадала ў спадчыну свайму сыну Нілу тую выключную працавітасць, якой здзіўляюцца даследчыкі яго творчасці. Праз гады Ніл Сымонавіч пранёс захапленне жыццястойкасцю сваёй матулі: «Як спраўлялася мама?..

31 10 23

Колькі ўспамінаю — столькі і здзіўляюся. Яе хапала на ўсё: і на тое, каб трымаць і даглядаць гаспадарку (60 сотак зямлі, карова, свінні, авечкі, куры, гусі), і каб накарміць, абмыць і абшыць васьмярых дзяцей, і кожнаму з нас дапамагчы, калі хто захварэў... Любові да сваіх дзяцей было ў яе душы і сэрцы нямерана! Дадам: прала і затым ткала на кроснах кужэльныя палотны, абрусы і капы, посцілкі зрэбныя і посцілкі-рызаўкі — сама, авечак стрыгла нажніцамі — сама, валёнкі для ўсіх нас валіла — сама, вязала рукавіцы і шкарпэткі для нас — сама, кроіла і затым шыла на ўласнай ручной машынцы «Зінгер» кашулькі, сукенкі і штаны — сама, і не толькі для нас, але і для суседзяў. І навучыла мяне ў першую ваенную зіму віць пяньковыя аборкі і плесці вераўчаныя лапці. І паспявала (у перадваенныя гады) схадзіць разам з намі летнім вечарам у ваенны гарадок «на кіно», меншага ці меншую несучы назад на руках... Мамачка мілая, і адкуль у цябе браліся сілы, і як ты вытрымлівала гэту няспынную кругаверць неадкладных клопатаў, гэту неймаверную штодзённую напругу?..»

31 10 23

У верасні 1938 года Н. Гілевіч пайшоў у пачатковую школу, ужо досыць бегла чытаючы. Навучыўся гэтаму сам, з дапамогай старэйшай сястры Ліны, чые чытанкі і прынесеныя ёю з бібліятэкі кнігі любіў гартаць. Да пачатку вайны, па ўспамінах пісьменніка, ён прачытаў не толькі безліч твораў, прызначаных для малодшых школьнікаў, але і многія кнігі, на малых дзяцей не разлічаныя. Пры адборы кніг у бібліятэцы хлапчук кіраваўся перш за ўсё тым, каб кніга была на беларускай мове: вясковаму дзіцяці на мове роднай хаты і роднай вуліцы было чытаць і лягчэй, і мілей для душы і сэрца.

Хлопчык рос актыўным, а часам і задзірлівым. Да вайны скончыў пачатковую школу. Летам любіў збіраць ягады і грыбы, хадзіць на рэчку Гайну купацца, зімой коўзаўся на самаробных каньках, бегаў на лыжах.

Карэктывы ў станаўленне светабачання будучага пісьменніка ўнесла вайна. Ваеннае дзяцінства, пра якое пазней пісьменнік раскажа ў паэмах «Сто вузлоў памяці», «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», «Недзяленя», сюжэтных вершах і баладах, аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну», фарміравала Н. Гілевіча — паэта і чалавека. Жыццё пад акупацыяй, у партызанскай зоне было няспынным пераадоленнем страху за ўласнае жыццё і жыццё блізкіх. У час адной з аблаў Ніл Сымонавіч трапіў да фашыстаў і ўцалеў цудам. Можа, менавіта тады дзесьці ў падсвядомасці падлетка з’явілася думка, што пра ўсё гэта патрэбна абавязкова расказаць тым, хто не зведаў жахаў вайны. Н. Гілевіч адзначаў: «Самы першы мой апублікаваны верш быў аб перамозе ў вайне і радасці ўваскрэслага на руінах і папялішчах жыцця... гэта тэма стала адной з галоўных ва ўсіх маіх кнігах лірыкі, баладах і паэмах»…

Подпишитесь на наши новости